Право Беларуси. Новости и документы


Закон Республики Беларусь от 23.07.2008 N 420-З "Аб Правiлах беларускай арфаграфii i пунктуацыi"

(текст документа по состоянию на январь 2010 года) обновление

Документы на NewsBY.org

Стр. 10

10. Працяжнiк ставiцца ў няпоўных складаных сказах на месцы прапушчанага члена сказа.

Напрыклад:

З аднаго боку дарогi стаяў рэдкi хвойнiк, а з другога - кусты ядлоўцу, а далей - алешнiк (Я.Колас).

Раны гояцца часам, а дружбаю - гора (А.Куляшоў).

Вось прабегла iмгненне, затым - залатая мiнута (Я.Янiшчыц).



11. Калi ўстаўная канструкцыя знаходзiцца памiж часткамi, дзе павiнна ставiцца коска, або ў канцы самой устаўной канструкцыi ёсць гэты знак прыпынку, то коска спалучаецца з працяжнiкам i ставiцца перад другiм працяжнiкам.

Напрыклад:

Каб дабрацца да надзелу цёткi Насцi - так завуць жонку бацькавага брата, - трэба прайсцi каля будкi, у якой яшчэ нядаўна яны жылi... (I.Навуменка).

Дзяўчына - мачыха дазналася ўжо, што завуць яе Параска, - прывяла воз на двор "воласцi", сказала, што яна жыве тут, на першым паверсе, з боку двара (I.Мележ).



12. Працяжнiк ставiцца памiж часткамi складаназлучанага сказа, калi ў другой частцы падкрэслiваецца вынiк у адносiнах да першай, калi перадаецца нечаканасць, хуткая змена падзей або супрацьпастаўленне.

Напрыклад:

Момант - i ў веснiчках паказалася Аленка... (Я.Колас).

Сярэдзiна кастрычнiка - i такi мароз (I.Шамякiн).

Пытаўся, шукаў - i нi слыху ў адказ, нi следу нiдзе, нi далёкага рэха (П.Панчанка).

Узяўся чытаць - i не чыталася (М.Гарэцкi).



13. Працяжнiк ставiцца ў бяззлучнiкавых сказах памiж часткамi:

калi ў першай частцы ўказваецца на ўмову або час дзеяння, пра якое паведамляецца ў другой частцы.

Напрыклад:

Запяеш па душы, дасi ўцехi гасцям - поўны гуслi насыплю дукатаў (Я.Купала).

Вецер загуляе - хвойнiк, лозы гнуцца (Я.Колас).

Падрасцеш вялiкi - раскажу тады (П.Глебка);



калi ў другой частцы паказваецца вынiк або робiцца вывад з таго, пра што паведамляецца ў першай частцы.

Напрыклад:

Шмат зорак у небе - добра жывёла расплодзiцца. Густая шэрань на галiны лягла - ад яблыкаў, ад iгруш дрэвы да самай зямлi прыгнуцца (Л.Дайнека).

Ранак луг расой купае - дзень гарачы будзе (А.Бачыла);



калi змест частак супрацьпастаўляецца цi супастаўляецца.

Напрыклад:

Клiкнуць хацелася - голас замёр (П.Броўка).

Мацi будзiла снедаць - ён не ўстаў (I.Навуменка);



калi ў сказе гаворыцца пра хуткую змену падзей або ў другой частцы паказваецца неадпаведнасць, нечаканы вынiк таго, пра што паведамляецца ў першай частцы.

Напрыклад:

Блiснула маланка - стала вiдна як удзень (С.Грахоўскi).

Глянуў я туды-сюды - нiкога не вiдаць (Я.Колас).

Ён паслухаў - цiха ўсюды (Я.Колас);



калi апошняя частка з'яўляецца абагульняльнай у адносiнах да папярэднiх.

Напрыклад:

Цiха булькатала вада ў канаве, сыпалася лiсце, чырыкалi недзе вераб'i - усё гэта было такiм звыклым, добрым, прыгожым (М.Гамолка).

Дол засланы шышкамi, цвiце сунiчнiк, бруснiчнiк, перагукваюцца птушкi, звiняць камары - усё тут знаёмае... (I.Навуменка);



калi другая частка з'яўляецца далучальным сказам.

Напрыклад:

I разгарэлася iгрышча - даўно такога не было (Я.Колас).

Андрэй быў у добрым гуморы - гэта адразу кiдалася ў вочы (М.Зарэцкi);



калi другая частка з'яўляецца параўнаннем у адносiнах да першай.

Напрыклад:

Слова сказаў - сякераю адсек (Прыказка).



14. Працяжнiк ставiцца памiж двума словамi, якiя абазначаюць прасторавыя, часавыя або колькасныя межы (гэтыя словы замяняюць словазлучэннi з прыназоўнiкамi ад (з)... да.

Напрыклад:

Пасажырскi поезд "Мiнск - Масква" прыбыў на станцыю Орша.

Яр быў метры чатыры ў шырыню, метраў пятнаццаць - дваццаць глыбiнёю, а ў даўжыню цягнуўся метраў на шэсцьдзесят (У.Караткевiч).



15. Працяжнiк ставiцца памiж двума цi некалькiмi найменнямi ў назвах вучэнняў, законаў, падзей i iнш.

Напрыклад:

Закон захавання матэрыi Ламаносава - Лавуазье быў вялiкiм навуковым адкрыццём ХVIII стагоддзя.

Шахматны матч Карпаў - Каспараў закончыўся ўнiчыю.



16. Працяжнiк не ставiцца, калi выказнiк, выражаны ўсечанай формай дзеяслова, iнтанацыйна не выдзяляецца.

Напрыклад:

Я тым часам шмыг за дзверы (З.Бядуля).

Данiла шусь тут у вароты з жалезным ёмкiм сахаром (Я.Колас).



17. Працяжнiк памiж дзейнiкам i выказнiкам, выражанымi назоўнiкам або назоўнiкам i займеннiкам цi прыметнiкам, не ставiцца:

калi памiж галоўнымi членамi сказа стаiць прыслоўе або часцiца.

Напрыклад:

А мой бацька таксама партызан (I.Шамякiн).

Дзед Талаш не проста праваднiк у Букрэевай разведцы (Я.Колас);



калi памiж галоўнымi членамi сказа стаiць пабочнае слова цi адасоблены член сказа (акрамя прыдатка).

Напрыклад:

Хлопцы, вiдаць, добрыя рыбакi (Я.Сiпакоў).

Хлопец, апрануты ў салдацкi шынель, наш зямляк (К.Чорны);



калi дзейнiк стаiць пасля выказнiка.

Напрыклад:

Страшэнны штукар i свавольнiк гэты Нёман (Я.Колас);



калi перад выказнiкам ёсць адмоўе не.

Напрыклад:

Сам сабе чалавек не вораг (Прыказка).

Сляпы сляпому не павадыр (Прыказка);



калi пры выказнiку ўжываюцца параўнальныя злучнiкi як, усё роўна як, быццам, быццам бы, бы, нiбы, што.

Напрыклад:

Жыта як сцяна (I.Навуменка).

Аблокi нiбы воўна (Я.Янiшчыц).

Вясеннi луг што выстаўка народнага мастацтва (I.Шамякiн);



калi дзейнiк выражаны асабовым займеннiкам, а выказнiк - назоўнiкам у назоўным склоне.

Напрыклад:

Пасiвелы мой лес, я твой вечны паклоннiк, я твой вечны даўжнiк (Я.Сiпакоў);



калi дзейнiк выражаны назоўнiкам, а выказнiк - прыметнiкам.

Напрыклад:

Неба чыстае, васiльковае (А.Якiмовiч).

У познюю восень вада пад мастком чыстая i халодная (К.Чорны).



18. Працяжнiк можа ставiцца пры сэнсава-iнтанацыйным выдзяленнi:

выказнiка.

Напрыклад:

Рак - не рыба, кажан - не птушка (Прыказка).

Лёдам гасцiнец мой выбiты, вылiты, лёд - як магiла сама (Я.Купала).

Я - чалавек, мне трэба жыць, тварыць, а не гарэць у полымi напалму (А.Зарыцкi).

Неба - высокае, блакiтнае (Я.Маўр);



двух цi больш дапасаваных азначэнняў, што стаяць звычайна ў канцы сказа.

Напрыклад:

Сонца зайшло, i пачалося змярканне - цiхае, свежае, з расой i камарамi (Я.Брыль).

Запальвалiся то тут, то там зоры - вясёлыя, мiгатлiвыя (Б.Сачанка).

Паказалася нават сонца - чырвонае, нiзкае (Б.Сачанка);



прыдатка або групы аднародных прыдаткаў, якiя стаяць у сярэдзiне сказа пасля азначаемага назоўнiка, калi неабходна падкрэслiць самастойнасць прыдаткаў.

Напрыклад:

Начны драпежнiк - сава - бясшумна плыве ў паветры (В.Вольскi).

Грабцы - дзяўчаты, маладзiцы - штораз варушацца жывей, бо чуюць голас навальнiцы (Я.Колас). Калi патрабуецца пастаноўка пасля адасобленага прыдатка коскi, то другi працяжнiк апускаецца: Падаюць сняжынкi - дыяменты-росы, падаюць бялюткi за маiм акном (П.Трус);



даданых членаў сказа, якiя знаходзяцца ў канцы сказа.

Напрыклад:

Каля школы шчабяталi дзецi - звонка, радасна (Я.Колас);



даданай часткi складаназалежнага сказа, якая можа знаходзiцца перад галоўнай часткай або пасля яе.

Напрыклад:

Цанiце чалавека заўсёды пры жыццi. Калi заплюшчыць векi - ён згiне ў небыццi (П.Панчанка).

Што думаў бацька - не ведаю (Я.Брыль).

Хто птушку пакрыўдзiць - той сам сабе здрадзiць (П.Панчанка).

Тады магутная краiна - калi пявучы ў ёй народ (Я.Янiшчыц).

Смяюся, калi плакаць трэба. Журба - калi на вуснах смех (Я.Янiшчыц).



19. Працяжнiк можа ставiцца ў няпоўных простых сказах на месцы прапушчанага члена сказа.

Напрыклад:

Па суседству з Белым возерам знаходзiцца другое - Чорнае (В.Вольскi).

Праз шум эшалона прарваўся недалёкi гарматны выбух. Затым яшчэ некалькi - большай сiлы (I.Мележ).

У цёмным небе - карагоды сiняватых зорак (М.Багдановiч).



20. Працяжнiк можа ставiцца ў сказе, каб пазбегнуць двухсэнсоўнасцi выказвання.

Напрыклад:

Ты што - забыўся? Параўн.: Ты што` забыўся?

I якiя людзi незвычайныя - таленты! Параўн.: I якiя людзi - незвычайныя таленты!



21. Працяжнiк можа ставiцца для выдзялення ўстаўных канструкцый.

Напрыклад:

Алеся - ёй было ўжо каля дзесяцi гадкоў - сядзела за праснiчкаю (Я.Колас).

Балота зрабiлася сiвое ад попелу, i па iм - уначы было вiдаць з вёскi - бегаў агонь, адгаралi высушаны альшэўнiк i нiцая лаза, што раслi высока на куп'i (I.Пташнiкаў).



Глава 18

ДУЖКI



§ 62. Правiлы пастаноўкi дужак



1. У дужкi бяруцца ўстаўныя словы, спалучэннi слоў i сказы, якiя аб'яднаны з асноўным сказам сэнсавай сувяззю i служаць у якасцi заўваг, удакладненняў i пад.

Напрыклад:

У руках у яго вялiкая галка камякоў (бульбяной кашы) (К.Крапiва).

Узялi мы вуды, кацялок для юшкi, сачок (на ўсякi выпадак) i рушылi на рыбалку (А.Якiмовiч).

Мы, дзецi, сядзелi на нашым бярвеннi (бацька збiраўся ставiць новую хату i таму навазiў ужо многа лесу) i рабiлi сабе свiстулькi з вярбовых пруткоў (Я.Сiпакоў).

У яго тады жыла запаветная мара - стаць лётчыкам (калi не лiчыць таго, што адзiн час, нядаўна, ён захапляўся геалогiяй, каб знаходзiць затоеныя багаццi) (I.Мележ).



2. У дужкi бяруцца словы i спалучэннi слоў (разам з адпаведным знакам прыпынку), якiя выражаюць рэакцыю, адносiны слухачоў да чыёй-небудзь прамовы, выказвання, рэплiкi.

Напрыклад:

С т а р ш ы н я. ...Пажадаем жа яму далейшых поспехаў. (Бурныя апладысменты.)

А н д р э й. ...Да новай сустрэчы, сябры. (Апладысменты.)

Ц i м о х. ...Так мяне ашукалi! (Смех.)

Г а н н а. ...Хто не дбае, той не мае, людцы мае! (Гучны смех.)

Б р ы г а д з i р. ...Такое не часта сустракаецца. (Вясёлае ажыўленне ў зале.)

А н i с i м. ...Таму кожны павiнен атрымаць сваю долю. (Воклiчы: "Правiльна!")

С а к р а т а р. Цi будуць пытаннi да прысутных? (Галасы: "Хопiць!")



3. У дужкi бярэцца прозвiшча аўтара або прозвiшча аўтара i крынiца (назва твора), з якой прыводзiцца цытата.

Напрыклад:

Каля пасады леснiковай цягнуўся гожаю падковай стары, высокi лес цянiсты (Я.Колас. "Новая зямля").



4. Пасля цытаты, непасрэдна за якой у гэтым жа радку ў дужках змяшчаецца спасылка на аўтара або на аўтара i крынiцу (г.зн. перад адкрывальнай дужкай), захоўваецца адпаведны знак прыпынку - пытальнiк, клiчнiк або шматкроп'е.

Напрыклад:

Эпiграфам да працы ўзяты словы: "А там, над Нёманам, плывуць чаўны ў прасторы, там спевы коцяцца ў нямую далячынь" (П.Трус. "Лiст да сястры").

Прыгадалiся знаёмыя радкi: "Чым сустрэла мяне мая вулiца, як я выходзiў?" (А.Куляшоў. "Сцяг брыгады").

Няхай для нас палеткi родзяць, няхай для нас сады цвiтуць! (П.Панчанка).

Насустрач цягнiку выходзяць з-за ўзгорка маладыя алешыны, дубы, хвоi... (П.Галавач).



5. Калi ж спасылка на аўтара цi на аўтара i крынiцу змяшчаецца асобна ўнiзе пад тэкстам, тады ў канцы тэксту (цытаты) ставiцца кропка цi iншы адпаведны знак прыпынку (пытальнiк, клiчнiк, шматкроп'е) i спасылка ў дужкi не бярэцца.

Напрыклад:

Любiце сваю зямлю аддана i да канца. Iншай нам не дадзена, дый не трэба.

У.Караткевiч.

...Максiм Багдановiч па праву заняў пачэснае месца ў нашай маладой паэзii як высокаталенавiты паэт i майстра паэтычнай формы. ...Тое, што напiсаў ён за сваё кароткае жыццё, ставiць яго ў першыя рады нашых лепшых песняроў.

Якуб Колас. "Выдатнейшы паэт i крытык".



6. У дужкi бяруцца рэмаркi аўтара ў драматургiчным творы.

Напрыклад:

А л ь ж б е т а (убягае, трымаючы ў руцэ клiнок з тварагом). Што гэта ў вас тут парабiлася, мае мiленькiя?

П а ў л i н к а. Кабыла дзядзькава ўцякла цi хто ўкраў. (Iдзе, садзiцца на ложак i шые) (Я.Купала).



7. Пасля ўстаўной канструкцыi (перад закрывальнай дужкай) ставiцца пытальнiк, клiчнiк або шматкроп'е, якiя патрабуюцца кантэкстам, а кропка не ставiцца.

Напрыклад:

Быў узгорак, так як бубен, але Цiт пасеяў лубiн, дык (цi веры вы дасце?), як чарот, жытцо расце (К.Крапiва).

Змiтрок (добры ён хлопец!) чытае розную лiтаратуру (В.Каваль).

I толькi школа (я адразу ўбачыў яе i беспамылкова пазнаў) стаяла за гародамi, блiжэй да лесу (I.Шамякiн).



Глава 19

ДВУКОССЕ <*>



--------------------------------

<*> У адрозненне ад пунктуацыйных знакаў (кропкi, коскi i iнш.), двукоссе як спецыфiчны знак мае iншае прызначэнне - служыць асобым спосабам выдзялення слоў, спалучэнняў слоў, сказаў, тэксту. Тым не менш ужыванне двукосся па традыцыi разглядаецца ў раздзеле "Пунктуацыя".



§ 63. Правiлы пастаноўкi двукосся



1. У двукоссе бяруцца словы, якiя ўжыты ў iранiчным сэнсе або ў якiм-небудзь асобым, незвычайным значэннi.

Напрыклад:

"Высокае начальства" спачатку прыслала мне падзяку, што добра вучыў дзяцей у школе... (Я.Колас).

Законы Рэспублікі Беларусь | Закони Республіки Білорусь
 
Партнеры



Рейтинг@Mail.ru

Copyright © 2007-2014. При полном или частичном использовании материалов ссылка на News-newsBy-org.narod.ru обязательна.