![]() |
|
![]() |
![]() |
![]() |
Закон Республики Беларусь от 23.07.2008 N 420-З "Аб Правiлах беларускай арфаграфii i пунктуацыi"(текст документа по состоянию на январь 2010 года) обновление Стр. 6 2. Калi перад словам, якое паўтараецца, стаiць слова толькi або i толькi цi iменна, то коскамi выдзяляецца разам усё гэта спалучэнне. Напрыклад: Перад Лабановiчам усплыў вобраз Ядвiсi, i зноў аб ёй, толькi аб ёй, пачаў ён думаць (Я.Колас). Значыць, ты з iм, iменна ты з iм, а не ён з табою (А.Кулакоўскi). У яго, i толькi ў яго, хацела б яна вучыцца мужнасцi, высакародству, адданасцi справе (А.Васiлевiч). 3. Калi перад кожным словам, якое паўтараецца, стаiць злучнiк i, то перад iм ставiцца коска. Напрыклад: I гудуць, i гудуць па азiмай раллi трактары (М.Танк). Глуха шэпча лес зялёны, i шумiць ён, i шумiць (Я.Колас). Коска ставiцца перад далучальнымi злучнiкамi i, ды, якiя стаяць пры паўтораным слове з удакладненнем. Напрыклад: Я пакахаў цябе з дзяцiнства, i пакахаў да слёз (П.Трус). 4. Коскай не раздзяляюцца пры паўторным ужываннi словы, якiя стаяць побач: два словы, звязаныя адзiночнымi злучнiкамi i, ды (у значэннi i): Хваля паветра дрыжыць i дрыжыць (Я.Колас). Кругом была вада i вада (Я.Маўр). Днi бягуць ды бягуць (Я.Колас); два аднолькавыя або аднакаранёвыя словы, калi наступнае слова ўжываецца з адмоўем не: было не было, прасi не прасi, хочаш не хочаш, дагонiш не дагонiш, купiў не купiў, злавiў не злавiў, дрэва не дрэва, брат не брат, i ён не ён, насiць не перанасiць, вазiць не перавазiць, прасiць не дапрасiцца, чакаць не дачакацца, капаць не дакапацца, сказаць не скажаш, зрабiць не зробiш i iнш.; два аднолькавыя словы, калi наступнае слова ўжываецца з часцiцай дык i паўтараецца для ўзмацнення меры дзеяння, ступенi якасцi: закiнуў дык закiнуў, падскочыў дык падскочыў, скакаць дык скакаць, страсянуў дык страсянуў, вецер дык вецер, паводка дык паводка, чалавек дык чалавек. Калi самалёт крута пайшоў унiз, Сашка не спалохаўся: скакаць дык скакаць (М.Лынькоў). § 48. Коска пры параўнальных зваротах 1. Параўнальныя звароты, якiя пачынаюцца злучнiкамi як, бы, як бы, нiбы, нiбыта, быццам, як быццам, што, як i, чым, выдзяляюцца коскамi. Напрыклад: Па небе хмары, як палотны, паўночны вецер рассцiлае (Я.Колас). Дзяўчаты, нiбы русалкi, карагоды водзяць (П.Панчанка). Поле, нiбыта падковай, акружана лесам (I.Навуменка). Над возерам устае, быццам белая воўна, пахучы туман (З.Бядуля). Зоры высыпаюць, бы iней... (Я.Колас). 2. Выдзяляюцца коскамi спалучэннi слоў як адзiн, як правiла, як звычайна, як знарок, як цяпер, як заўсёды i iнш. Напрыклад: Мы па сiгналу ваеннай трывогi ўсе, як адзiн, уставалi на бой (П.Глебка). Пажылыя людзi памятаюць, як цяпер, дзень заканчэння Вялiкай Айчыннай вайны. Каля магазiна, як заўсёды, збiраюцца вяскоўцы. 3. Пры параўнальных зваротах са злучнiкамi як, як быццам, чым i iншых у шэрагу выпадкаў коска не ставiцца. Коска не ставiцца перад злучнiкамi як i чым у спалучэннях больш як (не больш як), больш чым (не больш чым), менш як (не менш як), менш чым (не менш чым), не блiжэй як, не далей як, не часцей як, не радзей як, не iначай як, усё роўна як i iнш., якiя выражаюць абмежаванне ў прасторы, часе, колькасцi. Напрыклад: Абоз расцягнуўся больш як на вярсту (Я.Колас). Менш чым праз хвiлiну Несцяровiч вярнуўся ў хату (К.Чорны). У такiх спалучэннях коска перад як i чым ставiцца тады, калi яны сэнсава i iнтанацыйна выдзяляюцца. Напрыклад: Лес патрэбен людзям не меней, чым хлеб (I.Навуменка). Людзей у лесе было больш, як грыбоў (Я.Колас). 4. Не выдзяляюцца коскамi: устойлiвыя выразы са злучнiкам як: як мага, як след, як мае быць, як належыць, як не ў сябе i iнш. Напрыклад: Трэба як належыць рыхтавацца ў дарогу. Не паспеў Лабановiч як мае быць разгледзець гэтыя ўбогiя апартаменты вартаўнiка, як зараз жа выплыла з-за дрэў яго постаць (Я.Колас); устойлiвыя параўнаннi з як: вiдна як днём, гол як сакол, галодны як воўк, злы як сабака, белы як палатно, белы як снег, пабляднеў як палатно, моцны як дуб, здаровы як бык, лёгкi як пярынка, няўклюдны як мядзведзь, патрэбны як паветра, чорны як сажа, цвёрды як камень, чырвоны як рак, цёмна як ноччу, хiтры як лiса, палахлiвы як заяц, халодны як лёд, баяцца як агню, берагчы (глядзець) як вока, ведаць як свае пяць пальцаў, маўчаць як рыба, бiцца як рыба аб лёд, не бачыць як сваiх вушэй, як рукой зняло, як рукой падаць, як кот наплакаў, растаў як снег, лопнуў як мыльны пузыр, прыстаў як смала, стаiць як укопаны, спаў як забiты, расце як на дражджах, адчуваць сябе як дома, усе як на падбор, як на далонi, як на iголках i iнш. 5. Не выдзяляюцца коскамi параўнальныя звароты, якiя з'яўляюцца iменнай часткай выказнiка. Напрыклад: Яны для мяне як бацькi (В.Быкаў). Ты як песня тая (Я.Пушча). Лiпа нiбы цёмная хмара за акном (Я.Брыль). 6. Коска не ставiцца перад параўнальным зваротам, калi перад iм ёсць часцiца не або прыслоўi зусiм, амаль. Напрыклад: Мiхась трымаўся не як сталы чалавек (Я.Колас). Яны адчувалi сябе амаль як дарослыя людзi (Я.Колас). 7. Не выдзяляюцца коскамi звароты з як, калi яны ўжываюцца са значэннем "у якасцi" або са значэннем тоеснасцi. Напрыклад: Чмаруцьку ведаюць усе як чалавека з фантазiяй (М.Лынькоў). Ён славiўся ў брыгадзе як выдатны падрыўнiк (I.Мележ). Я захоўваю франтавыя пiсьмы братоў i сяброў як памяць аб iх. Гэта кнiга выдадзена як дапаможнiк для студэнтаў. Быў дзень як дзень. Алесь быў хлопец як хлопец. § 49. Коска пры адасобленых азначальных зваротах i словах 1. Коскамi выдзяляюцца: дапасаваныя азначэннi, выражаныя дзеепрыметнiкавымi i прыметнiкавымi словазлучэннямi, што стаяць пасля назоўнiка, якi паясняюць. Напрыклад: Мiж iмён, праслаўленых на свет, былi iмёны нашых блiзкiх i знаёмых (П.Глебка). Вядома, няма ўжо таго пярэстага дывана, калi бела-сiнiм полымем палае дол, зарослы пралескамi (I.Навуменка). Сiнявокая смуга, поўная цеплынi i ласкi, песцiла далёкiя лясы i купчастыя бярозы (Я.Колас); дапасаваныя азначэннi, выражаныя прыметнiкамi i дзеепрыметнiкамi без паясняльных слоў, калi яны стаяць пасля назоўнiка, з якiм звязаны, i звычайна маюць падкрэсленую сэнсавую нагрузку. Напрыклад: Шумiць рака, вясёлая, жывая (А.Бачыла). А пад поўнач пасыпаў сняжок, заложны, спорны, густы i сухi (Я.Колас). Хата, вымытая i прыбраная, чакала гасцей. Лабановiч, зацiкаўлены, глянуў яшчэ раз на пасаду (Я.Колас); дапасаваныя азначэннi, выражаныя прыметнiкамi i дзеепрыметнiкамi (з паясняльнымi словамi i без iх), калi яны стаяць перад назоўнiкам i маюць дадатковае акалiчнаснае адценне (прычыны, уступкi). Напрыклад: Узрушаны i выведзены з раўнавагi, старшыня грозна ўшчувае крыкуноў (Я.Колас). Захоплены гэтаю новаю думкаю, Пракоп доўга не можа заснуць (Я.Колас). Падахвочаныя, дужыя, хлопцы адразу ўзялiся за працу (Я.Колас); дапасаваныя азначэннi, выражаныя прыметнiкамi i дзеепрыметнiкамi з паясняльнымi словамi i без iх, якiя адносяцца да назоўнiка (пераважна да дзейнiка) i стаяць перад iм, радзей - пасля яго, але аддзеленыя ад гэтага назоўнiка выказнiкам цi iншымi членамi сказа. Напрыклад: Магутныя ў сваёй велiчы, стаялi старыя дубы (I.Навуменка). Мокрая i прыцiснутая асеннiм холадам, цяпер гэта раслiннасць усё яшчэ гусцiлася i ўпарта зелянелася (К.Чорны). Iгнась вярнуўся дадому праз два тыднi, схуднелы, абарваны (У.Лiпскi); дапасаваныя азначэннi, выражаныя прыметнiкамi i дзеепрыметнiкамi, адзiночныя i з паясняльнымi словамi, якiя адносяцца да асабовых займеннiкаў. Напрыклад: Пранiкнiцеся любоўю да маёй Беларусi, людзi. Велiчная i гордая, яна таго вартая (У.Караткевiч). Радасная здагадка азарае мяне, i, здзiўлены, я паволi ўстаю ў акопе (В.Быкаў). Пiльны, насцярожаны, ступiў ён у хату (I.Мележ). Калi ў склад адасобленага азначальнага звароту ўключана iншая ўдакладняльная канструкцыя, то яна выдзяляецца коскамi: Навокал быў густы травянiсты луг, усыпаны, нiбы пацеркамi, расою... (Я.Сiпакоў). Калi дапасаваныя азначэннi не маюць выражанага акалiчнаснага значэння, коска можа не ставiцца: Працяты марозам снег хрустка скрыпеў пад нагамi дзеда Талаша i грамознага Мартына Рыля (Я.Колас). 2. Дапасаваныя азначэннi, выражаныя прыметнiкамi i дзеепрыметнiкамi, адзiночныя i з паясняльнымi словамi, адасабляюцца i выдзяляюцца коскамi i ў тым выпадку, калi пры iх займеннiк адсутнiчае, але падразумяваецца: Заняты думкамi, [я] i не заўважыў, як надышоў вечар. 3. Калi да аднаго назоўнiка або займеннiка ў сказе адносяцца некалькi адасобленых азначэнняў, выражаных дзеепрыметнiкавымi i прыметнiкавымi словазлучэннямi або адзiночнымi азначальнымi словамi, то яны раздзяляюцца коскамi як аднародныя члены сказа. Напрыклад: Данiла Платонавiч смяяўся шчыра i весела, гэтак жа як i яны, маладыя, бадзёрыя (I.Шамякiн). Ён [дзiк], натапыраны, раз'юшаны, раз'ятраны, стаяў непадалёку ад толькi што вырытай ямкi i цяжка дыхаў - бакi яго хадзiлi ходырам (Б.Сачанка). 4. Не адасабляюцца i не выдзяляюцца коскамi дапасаваныя азначэннi, выражаныя адзiночнымi прыметнiкамi i дзеепрыметнiкамi, што стаяць пасля назоўнiка, якi паясняюць i з якiм утвараюць адно сэнсавае цэлае. Напрыклад: Плыве, гудзе шум гулкi, будаўнiчы... (Я.Купала). Травою спелаю, мурожнай уся запахла сенажаць (А.Астрэйка). 5. Не выдзяляюцца коскамi дапасаваныя азначэннi, выражаныя прыметнiкамi i дзеепрыметнiкамi (з паясняльнымi словамi або без iх), якiя пры цеснай сувязi з дзеясловам становяцца iменнай часткай выказнiка. Напрыклад: Саша iшла дадому вясёлая, узрушаная гульнёй (I.Шамякiн). А лес, як добры той знаёмы, стаiць збялелы, нерухомы (Я.Колас). 6. Адасабляюцца i выдзяляюцца коскамi: недапасаваныя азначэннi, выражаныя назоўнiкамi ва ўскосных склонах (з паясняльнымi словамi i без iх), з прыназоўнiкамi i, радзей, без прыназоўнiкаў. Напрыклад: Без шапкi, у адной гiмнасцёрцы, Васiль з усяе сiлы працаваў вёсламi (I.Шамякiн). Хутчэй бы прыйшла зiма, белая i маладая, з малiнавымi маразамi, са звонам канькоў на лёдзе i навагодняй ёлкай (П.Панчанка). На гарадок паўзла цёмна-шызая хмара, з ружова-серабрыстымi беражкамi (С.Грахоўскi); прыдаткi, якiя адносяцца да асабовых займеннiкаў i звычайна стаяць пасля iх, зрэдку - перад займеннiкам. Напрыклад: I толькi ён, мароз заўзяты, мароз занадта зухаваты, адзiн па лесе пахаджае... (Я.Колас). Вунь яны цягнуцца, варожыя акопы (А.Марцiновiч). Сын леснiка, я сам з маленства любiў палiць касцёр, пасядзець ля вогнiшча (I.Шамякiн); прыдаткi, якiя адносяцца да назоўнiкаў, стаяць пасля iх i не ўтвараюць з iмi цеснага сэнсавага адзiнства, у тым лiку i тыя, што далучаюцца пры дапамозе злучнiка як (з адценнем прычыны). Напрыклад: I мядзведзь, даўнi ўладар пушчаў, таксама прабiвае сабе сцежку, прыходзячы з далёкiх нязведаных сховаў (П.Пестрак). Сцяпана, як смелага салдата, часта пасылалi ў разведку (В.Быкаў); прыдаткi, якiя з'яўляюцца ўласнымi iмёнамi, стаяць пасля агульнага назоўнiка i маюць удакладняльнае значэнне (перад iмi можна без змены сэнсу ўставiць словы гэта значыць, а iменна). Напрыклад: Часцей заходзiць туды i старшыня, Захар Лемеш (Я.Колас). Гэта быў наш сусед, Iван Бразоўскi, Шуркаў бацька (Я.Брыль); прыдаткi, якiя адносяцца да ўласнага iмя, стаяць пасля яго i маюць удакладняльнае значэнне. Напрыклад: Ганна, мацi Лабановiча, была жанчына добрая, працавiтая, руплiвая... (Я.Колас). Самай выдатнай фiгурай Адраджэння быў Францыск Скарына, сын купца з Полацка (У.Караткевiч). Перад уласным iмем i агульным назоўнiкам прыдатак адасабляецца толькi тады, калi мае дадатковае акалiчнаснае значэнне: Пiсьменнiк-псiхолаг, Колас вельмi добра разумеў чалавечыя характары (I.Шамякiн). Два прыдаткi, якiя стаяць перад уласным iмем, коскамi не аддзяляюцца, тры i болей - аддзяляюцца: доктар тэхнiчных навук прафесар Сiдарчук I.М.; начальнiк штаба капiтан Дзянiсаў; доктар тэхнiчных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Рэспублiкi Беларусь Мацкевiч Ю.Ф.; дэкан, доктар хiмiчных навук, прафесар Васiльеў А.А. i iнш. Пасля ўласнага iмя прыдаткi такога тыпу аддзяляюцца коскамi: М.I.Смяян, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, акадэмiк Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi, заслужаны дзеяч навукi Рэспублiкi Беларусь. 7. Выдзяляецца коскамi прыдатак да назоўнiка або асабовага займеннiка, якi ёсць або падразумяваецца ў папярэднiм сказе цi ў частцы складанага сказа: Дзе ж падзеўся той Сымон? Цi дзе ходзiць спазарання, непаседа-ветрагон? (Я.Колас). § 50. Коска пры адасобленых акалiчнасцях i акалiчнасных зваротах 1. Коскай выдзяляюцца акалiчнасцi, выражаныя дзеепрыслоўнымi зваротамi, незалежна ад iх месца ў сказе. Напрыклад: Шчасце ў працы знайшоўшы, добра ў полi араць (П.Броўка). Нiзкiя сонечныя прамянi, яшчэ не абласкаўшы зямлю, знаходзiлi беласнежную кiпень яблынь i запальвалi яе ружовым святлом (В.Карамазаў). 2. Акалiчнасцi, выражаныя дзеепрыслоўнымi зваротамi, якiя з'яўляюцца ўстойлiвымi выразамi, коскамi не аддзяляюцца. Напрыклад: Яны працавалi не пакладаючы рук (З.Бядуля). I слухаюць яго вушы развесiўшы (А.Макаёнак). Растуць яны [дзецi] тут у нас на лес гледзячы (Я.Брыль). 3. Выдзяляецца коскамi акалiчнасць, выражаная адзiночным дзеепрыслоўем пры дзеяслове-выказнiку. Напрыклад: Раз-пораз стукалi, падаючы, спiлаваныя дрэвы (П.Галавач). Успыхвалi, трапечучы, белыя ракеты (I.Мележ). I нечакана над самай галавою раскалоўся гром, затрашчала, ломячыся, дрэва (В.Адамчык). 4. Акалiчнасцi, выражаныя адзiночнымi дзеепрыслоўямi, не адасабляюцца i не выдзяляюцца коскамi, калi стаяць пасля дзеяслова-выказнiка i сваiм значэннем наблiжаюцца да прыслоўя спосабу дзеяння цi часу. Напрыклад: Бацька доўга сядзiць задумаўшыся, i я не чапаю гэтых дум (Я.Скрыган). Лена бегла не азiраючыся (М.Лынькоў). Не хвалiся сеўшы, а хвалiся з'еўшы (Прыказка). Людзi хутка ўстаюць, спяшаючыся апранаюць сваё скураное адзенне (Э.Самуйлёнак). 5. Перад злучнiкам i, якi звязвае дзве акалiчнасцi, выражаныя адзiночнымi дзеепрыслоўямi або дзеепрыслоўнымi зваротамi, а таксама прыслоўем з дзеепрыслоўем, коска не ставiцца, як пры аднародных членах сказа. Напрыклад: Смеючыся i жартуючы, дзецi iшлi да рэчкi (Я.Колас). Крушынскi гаварыў цiха i не пазiраючы на госця (З.Бядуля). Пры бяззлучнiкавай сувязi памiж такiмi акалiчнасцямi коска ставiцца. Напрыклад: Ганна, не азiраючыся, не слухаючы нiчога, пералазячы платы, напрасткi праз мокрыя, па-асенняму голыя агароды паляцела да Васiлёвага селiшча (I.Мележ). Конь выцягнуў воз на цвярдзейшую дарогу i пайшоў раўней, не спяшаючыся (К.Крапiва). Панiзiўшы голас, шэптам дзед сказаў з узрушэннем: "У лес трэба перабiрацца..." (Я.Колас). 6. Калi акалiчнасць, выражаная адзiночным дзеепрыслоўем або дзеепрыслоўным зваротам, знаходзiцца памiж аднароднымi дзеяслоўнымi выказнiкамi, звязанымi злучнiкам i, то яны выдзяляюцца коскамi без злучнiка. Напрыклад: Сонца апусцiлася зусiм нiзка i, стамiўшыся, пачало хiлiцца на захад (Б.Сачанка). Стараста слухаў, прыплюшчыўшы вочы, i толькi згаджаўся (Я.Колас). 7. Не аддзяляецца коскай акалiчнасць, выражаная дзеепрыслоўем або дзеепрыслоўным зваротам, перад якой стаiць узмацняльная часцiца i. Напрыклад: Штосьцi трэба рабiць i не атрымаўшы звестак (А.Кулакоўскi). Антон умее гаварыць i не падумаўшы як след (П.Галавач). 8. Калi спалучальны злучнiк, што звязвае два аднародныя дзеяслоўныя выказнiкi, стаiць памiж адасобленымi акалiчнасцямi, выражанымi дзеепрыслоўнымi зваротамi цi адзiночнымi дзеепрыслоўямi, якiя адносяцца да розных выказнiкаў, то коска ставiцца перад злучнiкам i пасля яго. Напрыклад: Iван зацяў дыханне, стараючыся як найлепей пацэлiць, i, трошкi не падпусцiўшы сабаку да каменя, стрэлiў (В.Быкаў). Удвух з Андрэем неслi яны сетку на бераг, трымаючы вусцем угору, i, толькi адышоўшыся далей ад вады, перавярнулi яе кулём на дол (Я.Колас). ![]() ![]() |
![]() |
Партнеры
![]() |
![]() |