Право Беларуси. Новости и документы


Закон Республики Беларусь от 23.07.2008 N 420-З "Аб Правiлах беларускай арфаграфii i пунктуацыi"

(текст документа по состоянию на январь 2010 года) обновление

Документы на NewsBY.org

Стр. 9

Ён чалавек дарма што сур'ёзны, а калi разгаворыцца, дык люба слухаць (К.Крапiва).

Трэба было адпачыць, але Iван адчуваў, што калi ўпадзе ў снег, то напэўна болей ужо не ўстане (В.Быкаў).



9. Калi перад падпарадкавальным злучнiкам цi злучальным словам стаiць адмоўе не або злучальны злучнiк (i, цi, або i iнш.), якi звязаны з даданай часткай, то яна не аддзяляецца коскай ад галоўнай часткi.

Напрыклад:

Нам трэба ведаць не дзе ты быў, а што ты за дзень зрабiў.

Ён спакойны i калi заўзята працуе, i калi адпачывае.



10. Даданая частка ў пазiцыi пасля галоўнай, выражаная толькi адным злучальным словам або спалучэннем слоў, коскай не аддзяляецца.

Напрыклад:

Яны паехалi i не сказалi куды.

Невядома хто тут гаспадар.



Глава 15

КРОПКА З КОСКАЙ



§ 59. Правiлы пастаноўкi кропкi з коскай



1. Кропка з коскай ставiцца памiж адносна незалежнымi састаўнымi часткамi сказа, якiя аб'ядноўваюцца ў адзiн складаны сказ без злучнiкаў, а самi часткi разгорнутыя i (або) маюць свае знакi прыпынку.

Напрыклад:

Чарнеецца сажаю вечар. Дождж б'ецца аб хвалi ракi; гуляе, гудзе над ёй вецер, заводзiць, што ў полi ваўкi (М.Багдановiч).

Ручай застаўся недзе ўбаку, гоман яго прыцiх; мацней i выразней сталi шумець ялiны; свежы вецер скрозь гойдаў верхавiнамi; сонца схавалася; змаркатнелае неба ўсё далей i шырэй абкладвала хмара (В.Быкаў).



Кропка з коскай можа ставiцца на стыку частак бяззлучнiкавага сказа з адносна незалежнымi часткамi, калi памiж iмi знаходзiцца пабочнае слова. У гэтым выпадку кропка з коскай паказвае, да якой з частак адносiцца пабочнае слова.

Напрыклад:

Але якое гэта запрашэнне - адзiн сказ у канцы, як бы мiж iншым, для ветлiвасцi; можа, спадзявалася, што ён не адважыцца прыехаць (I.Шамякiн).



2. Кропка з коскай ставiцца памiж часткамi складанага сказа, якiя звязваюцца памiж сабой:

далучальнымi злучнiкамi але, толькi, аднак, усё ж, тым не менш i iнш., асаблiва калi гэтыя часткi разгорнутыя i (або) маюць свае знакi прыпынку.

Напрыклад:

Марозiк крэпiць, лёд таўшчэе, i рэчка вольная нямее, да дна вадзiца вымярзае i ходу, бедная, не мае, i цесна там ёй, i нямiла яе халодная магiла; але дарма: жывую сiлу не запраторыш ты ў магiлу, мароз бязжаласны i люты! (Я.Колас).

Гойдалася ў цэбры вада, льючыся праз край, i твару свайго выразна разгледзець у вадзе Агата не магла; толькi бялелi ў вадзе рукi, i гэта цешыла яе (К.Чорны);



далучальнымi злучнiкамi i i ды (у значэннi "i") толькi ў тым выпадку, калi яны аб'ядноўваюць дзве састаўныя часткi, якiя без гэтых злучнiкаў былi б самастойнымi сказамi, раздзеленымi кропкай.

Напрыклад:

На ёй [ялiнцы] валоскiя арэхi, а з пазалочанай паперкi глядзяць панадныя цукеркi; i больш на ёй няма нiчога, ды хiба ж дзецям трэба многа? (Я.Колас).



3. Перад злучнiкам а кропка з коскай ставiцца толькi ў тым выпадку, калi састаўныя часткi, якiя звязваюцца гэтым злучнiкам, разгорнутыя i маюць свае знакi прыпынку.

Напрыклад:

Ён невысок, не надта ёмак, ды карчавiты i няўломак, а волас мае цёмна-русы, i зухаўскiя яго вусы ў меру доўгi, густаваты, угору чуць канцы падняты; а вочы шэры, невялiчкi, глядзяць прыветна, як сунiчкi, але раптоўна i адразу не расчытаеш iх выразу... (Я.Колас).



4. Кропка з коскай ставiцца памiж развiтымi аднароднымi членамi, калi пры адным з iх ёсць коскi.

Напрыклад:

Хлопец злёгку задрыжаў i ўзяў скрыпку паслухмяна; струны звонкiя наладзiў, раз-другi смычком правёў i аддаўся ўвесь абладзе, чарам струнных галасоў (Я.Колас).

Я выйшаў на вулiцу i адчуў, як сцюдзёнае марознае паветра апалiла мне твар; пачуў, як звонка рыпiць снег; убачыў, як гарыць на сонцы аснежанае поле... (А.Астапенка).

Наталля... то адкрывала сумку, то закрывала; то зашпiльвала на сабе кофтачку, то, як ад гарачынi, расшпiльвала яе (Я.Скрыган).



5. Кропка з коскай ставiцца памiж разгорнутымi даданымi часткамi складаназалежнага сказа, падпарадкаванымi адной i той жа галоўнай, калi памiж даданымi няма злучальнага злучнiка, асаблiва калi ў сярэдзiне такiх даданых ёсць свае даданыя часткi.

Напрыклад:

Калi з-пад завялых шыпулек паказалiся i смачна запахлi спачатку маленькiя шэра-сiнiя струменьчыкi дыму, а потым, вельмi хутка разросшыся, вялiкiмi клубамi паплылi над бульбоўнiкам; калi, нарэшце, праз голле прабiлiся жвавыя i белаватыя на ранку языкi полымя, на ўчастку неяк адразу ўсё змянiлася (А.Кулакоўскi).

Нягледзячы на тое, што крыўда раз-пораз загаралася ў душы Кляновiча, яго цешылi перспектывы, што вось ён зоймецца даследаваннем глебаў; што будзе арганiзоўваць севазвароты, адкрываць розныя курсы; ...што ён едзе ў такую вобласць, дзе яшчэ не звялася мясцовая чырвоная парода кароў, аб якой Кляновiч даўно думае; што гэтую пароду няслушна закiнулi... (П.Пестрак).



6. Кропка з коскай ставiцца памiж групамi адносна незалежных састаўных частак бяззлучнiкавага сказа, а таксама памiж групамi даданых частак, якiя адносяцца да адной галоўнай.

Напрыклад:

Цёмны бор, кусты, балоты, кучы лоз i дубняку, рэчкi, купiны, чароты, мора траў i хмызняку; мосцiк, зложаны з бярвенняў, брод i грэбля кожны крок, на дарозе рад карэнняў, крыж, пахiлены набок; пералескi, лес, паляна, старасвецкi дуб з жарлом, хвоя-велiч на кургане з чорным буславым гняздом; гразь, пяскi, лужок зялёны, шум крынiчкi з-пад карча, шэлест лiсцяў несканчоны, крык у небе крумкача; вербы, груша-сiрацiна, нiзкарослы цёмны гай... (Я.Колас).



7. Кропка з коскай ставiцца ў канцы рубрык пералiчэння, калi яны не з'яўляюцца самастойнымi сказамi, але дастаткова разгорнутыя i (або) маюць свае знакi прыпынку.

Напрыклад:

Паводле папярэднiх даных, рух усiх трох спадарожнiкаў адбываецца па блiзкiх арбiтах з пачатковымi параметрамi:

перыяд абарачэння 95,2 мiнуты;

максiмальная адлегласць ад паверхнi Зямлi (у апагеi) 876 кiламетраў;

мiнiмальная (у перыгеi) 210 кiламетраў;

вугал нахiлу арбiт да плоскасцi экватара 56 градусаў 10 мiнут.



Глава 16

ДВУКРОП'Е



§ 60. Правiлы пастаноўкi двукроп'я



1. Двукроп'е ставiцца перад пералiчэннем аднародных членаў, калi перад iмi ёсць абагульняльнае слова (займеннiк, прыслоўе, назоўнiк) або словы напрыклад, а iменна.

Напрыклад:

Наогул яе [настаўнiцу] любiлi ўсе: вучнi, настаўнiкi, калгаснiкi (I.Шамякiн).

Усе былi апрануты па-святочнаму: чысценька i прыгожа (Я.Колас).

На прыгуменнi, поруч з садам, павець з гумном стаяла радам, а пад паветкаю прылады: вазок, калёсы, панарады, старыя санi, восi, колы i вулляў некалькi на пчолы... (Я.Колас).

На ўроках мовы праводзяцца розныя вiды работ, напрыклад: дыктанты, сачыненнi, пераказы i iнш.



2. У афiцыйных паперах, дакументах, у навуковых працах, зрэдку ў мастацкiх тэкстах двукроп'е перад аднароднымi членамi ставiцца i тады, калi перад iмi адсутнiчае абагульняльнае слова.

Напрыклад:

Да заявы прыкладаюцца: ... .

На нарадзе прысутнiчалi: ... .

Вучылiшча рыхтуе: токараў, слесараў ... .



3. Двукроп'е ставiцца перад пералiчэннем аднародных азначэнняў, якiя выражаны прыметнiкам або назоўнiкам цi займеннiкам i адносяцца да паясняльнага папярэдняга назоўнiка.

Напрыклад:

Вялася звычайная размова знаёмых людзей у першыя хвiлiны сустрэчы: пра надвор'е, пра здароўе, пра навiны.



4. Калi аднароднымi членамi з папярэднiм абагульняльным словам сказ не заканчваецца, то перад iмi ставiцца двукроп'е, а пасля iх - працяжнiк.

Напрыклад:

Рыбацкая снасць: сетка, нераткi, вуды - была адмысловая ў дзядзькi Марцiна (Я.Колас).

Бацька прыбраў з воза ўсё: плуг, барану, мяшкi з бульбай - i ўвайшоў у хату (М.Зарэцкi).



5. Двукроп'е ставiцца перад аднароднымi членамi, якiя тлумачаць, удакладняюць значэнне папярэднiх слоў.

Напрыклад:

На скорым часе ранiчкою Алесь у кепскiм быў настроi: хадзiў, бурчаў, не змоўчваў маме, усё дагары вярнуў нагамi (Я.Колас).

Яна ўзялася за работу: набрала бярэмя дроў, унесла ў хату i, запалiўшы газоўку, стала класцi iх у печ (К.Чорны).



6. Двукроп'е ставiцца памiж часткамi бяззлучнiкавага складанага сказа, калi ў другой частцы раскрываецца змест цi ўказваецца прычына таго, пра што гаворыцца ў папярэдняй частцы.

Напрыклад:

Аўгiня пускаецца на хiтрасць: яна крута верне свой човен наперарэз Мартынаваму чоўну (Я.Колас).

Яна дамаглася свайго: сталовая ўжо красавалася жоўтай страхою (П.Броўка).

Але пагаварыць яму так i не ўдалося: гаспадыня запрашала гасцей за стол (Я.Колас).



7. Двукроп'е можа ставiцца памiж трыма часткамi бяззлучнiкавага складанага сказа, у якiм кожная наступная частка ў адносiнах да папярэдняй абазначае прычыну, выражае ўдакладняльна-тлумачальнае значэнне i iнш.

Напрыклад:

Але справа тут не ў часе была: недаверлiвыя залацiнцы другое мелi ў думках: каб не прыбраў часам гэты iнструктар i сад, i агарод, i сенакос (Я.Колас).

Прашу: хоць раз задумайцеся, людзi: на што мы трацiм лепшыя гады? (А.Бачыла).



8. Двукроп'е ставiцца памiж дзвюма часткамi бяззлучнiкавага складанага сказа, першая з якiх заканчваецца дзеясловамi бачыць, глядзець, разгледзецца, чуць, адчуць, адчуваць, заўважыць, зразумець, ведаць, верыць, казаць, разумець i iнш., пры дапамозе якiх указваецца, што далей будзе iсцi паведамленне пра якi-небудзь факт, падзею, з'яву i пад.

Напрыклад:

[Зося] заўважыла: Янка ўжо там, за вушаком дзвярэй (Г.Далiдовiч).

Праз туман разгледзеўся цяпер я: над палянай жоўкне поўны месяц (М.Лужанiн).

Адным словам сказаць, усе бачылi: яна i прыгожая, i ўдалая (К.Чорны).

Няхай усё гэта песня нагадала, але я веру: устане горад мой (М.Танк).

Алесь зразумеў: нервовасць Кастуся можа сапсаваць справу (У.Караткевiч).

Праз вокны вiдаць: на ўсходзе разгараецца ранiца (М.Лупсякоў).



9. Двукроп'е ставiцца пасля сказаў або слоў, якiя ўводзяць у тэкст простую мову.

Напрыклад:

Лагодненька ўмее гаварыць дзед Павал: "Не хадзi ты, Агатка, далёка" (Я.Колас).

Цiха шэпчуць за парканам дзецi: "Вунь новая настаўнiца iдзе" (С.Грахоўскi).

Рая прапанавала: "Хлопцы, дзяўчаты! Давайце наведаем Данiлу Платонавiча!" (I.Шамякiн).



Глава 17

ПРАЦЯЖНIК



§ 61. Правiлы пастаноўкi працяжнiка



1. Працяжнiк ставiцца памiж дзейнiкам i выказнiкам:

калi абодва галоўныя члены сказа выражаны назоўнiкам у назоўным склоне i пры выказнiку адсутнiчае дзеяслоў-звязка.

Напрыклад:

Мiнск - сталiца, гордасць наша, слава ўсёй краiны (Я.Купала).

Матчыны рукi - залатыя рукi (I.Мележ).

Фразеалогiя - раздзел мовазнаўства, якi вывучае семантычныя, граматычныя i стылiстычныя асаблiвасцi ўстойлiвых выразаў.

Прастора i час - усеагульныя формы каардынацыi з'яў i падзей;



калi абодва галоўныя члены цi адзiн з iх выражаны неазначальнай формай дзеяслова.

Напрыклад:

Вучыцца ў народа - задача кожнага пiсьменнiка (К.Чорны).

Хату зрабiць - не скрынку збiць (Прыказка).

Дзетак узгадаваць - не грыбкоў назбiраць (Прыказка);



калi перад выказнiкам ёсць словы гэта, вось, значыць, гэта значыць, гэта ёсць.

Напрыклад:

Паэзiя - гэта пакута i радасць, праклён i бязлiтаснасць, споведзь i гордасць (П.Панчанка).

Кожны чалавек - гэта цэлы свет (К.Чорны).

Цiмох i Гануля - вось роўная пара (Я.Купала).

Iгнараваць мову - гэта значыць iгнараваць народ, нацыю (П.Пестрак);



калi дзейнiк i выказнiк выражаны лiчэбнiкамi або адзiн з iх выражаны назоўнiкам у назоўным склоне, а другi - лiчэбнiкам цi колькасна-iменным спалучэннем.

Напрыклад:

Пяць i тры - восем.

Шэсцьдзясят i пяцьдзясят - сто дзесяць.

Плошча Нарачы - восемдзясят квадратных кiламетраў.

Плошча басейна Нёмана - 98,2 тыс. кв.км;



калi выказнiкам выступае ўсечаная форма дзеяслова, выклiчнiк або гукапераймальнае слова.

Напрыклад:

Уладзiк зараз - шмыг у дзверы (Я.Колас).

А куля - дзык! А другая ў руку (Я.Брыль).

Я - хоп за павады! Конь спужаўся, а я - скок на яго (Я.Колас).



2. Працяжнiк ставiцца перад абагульняльным словам пасля аднародных членаў.

Напрыклад:

I двор, i дарога, i лес - усё было занесена белым снегам (I.Пташнiкаў).

Адчуванне дакладнасцi слова, уменне карыстацца iм, культура мовы i пiсьменнасць - усё залежыць ад таго, як загучала слова, пачутае ў маленстве (В.Вiтка).



3. Калi пасля аднародных членаў перад абагульняльным словам ужыта пабочнае слова або спалучэнне слоў словам, адным словам, карацей кажучы, то працяжнiк ставiцца перад пабочным словам, а пасля яго - коска.

Напрыклад:

Начны лес, цiхi, ледзь улоўны гул маразявых сосен, цiшыня лясных нетраў - адным словам, усё настройвала на роздум (М.Зарэцкi).



4. Калi аднародныя члены сказа стаяць у сярэдзiне сказа пасля абагульняльнага слова, то перад iмi ставiцца двукроп'е, а працяжнiк - пасля iх.

Напрыклад:

Хутка ўсё: неба, i дарога, i чэзлыя балотныя хмызнякi - патанула ў снежнай завiрусе (Я.Колас).

Усё: i хмурнае неба, i мёрзлая чорная зямля - было ахоплена нечым сумным, халодным i грозным (К.Чорны).



5. Працяжнiк ставiцца памiж аднароднымi членамi сказа, калi прапушчаны супрацiўны злучнiк.

Напрыклад:

Не плача - смяецца шчаслiвая мацi (М.Багдановiч).

На чарговым прыпынку ў пярэднiя дзверы не ўвайшоў - ускочыў малады, як i шафёр, хлопец (Ф.Янкоўскi).

Гаспадар павёў яго не ў жылы катэдж - у лазню... (I.Шамякiн).

Не сваiмi - чужымi нагамi гаспадар падышоў да каня (П.Глебка).



6. Працяжнiк ставiцца перад злучнiкам i памiж двума членамi сказа, калi другi з iх выражае вынiк, хуткую змену падзей, нечаканасць.

Напрыклад:

А ўбачыў Машу - i адразу падабрэў (I.Шамякiн).

Зiрнеш - i зрэдку дзе ўбачыш адзiнокi яблык, што блiшчыць мiж лiсця на апошнiм сонцы (Я.Сiпакоў).



7. Калi злучнiк i звязвае два аднародныя выказнiкi, з якiх другi выражаны ўсечанай формай дзеяслова, то памiж iмi заўсёды ставiцца працяжнiк - перад злучнiкам або пасля яго.

Напрыклад:

Пахiснулася хвоя - i бразь на зямлю (Я.Колас).

Да рэчкi жаданай прабралiся хлопцы i - стоп! (Я.Колас).



8. Працяжнiк ставiцца перад недапасаваным азначэннем, выражаным неазначальнай формай дзеяслова цi спалучэннем з гэтай формай.

Напрыклад:

Усiх непакоiла адна думка - выстаяць (М.Лынькоў).

Мiканор успомнiў бацькаў наказ - паглядзець, цi не прадаюць кос (I.Мележ).



9. Працяжнiк ставiцца перад неразвiтым або развiтым прыдаткам, якi стаiць у канцы сказа:

калi ў прыдатку тлумачыцца, удакладняецца змест азначаемага назоўнiка i перад iм без змянення сэнсу можна ўставiць словы iменна, а iменна.

Напрыклад:

Пацягнуўся лес сцяною - ельнiк, дуб i хваiна (Я.Колас).

За ўвесь час яна нi разу не глянула на свайго суседа - Лабановiча (Я.Колас);



калi прыдатак адносiцца да займеннiка.

Напрыклад:

Наперадзе iшоў ён - таварыш Дарожка (П.Пестрак).

Вось яна - дзявочая пекната (I.Шамякiн).

Ён паспеў ужо коратка перазнаёмiцца з усiмi ў гэтым доме i стаць быццам сваiм чалавекам - гэты малады i вясёлы хлопец (К.Чорны);



калi неабходна падкрэслiць адценне самастойнасцi прыдатка.

Напрыклад:

А вось i сам гаспадар гэтай хаты - Трахiм (К.Крапiва).

Андрэй сядзеў, апёршыся на край стала, i дапытлiва пазiраў на людзей - на моладзь i старых (П.Пестрак).



Законы Рэспублікі Беларусь | Закони Республіки Білорусь
 
Партнеры



Рейтинг@Mail.ru

Copyright © 2007-2014. При полном или частичном использовании материалов ссылка на News-newsBy-org.narod.ru обязательна.