Право Беларуси. Новости и документы


Закон Республики Беларусь от 23.07.2008 N 420-З "Аб Правiлах беларускай арфаграфii i пунктуацыi"

(текст документа по состоянию на январь 2010 года) обновление

Документы на NewsBY.org

Стр. 4

якiя суадносяцца са складанымi назоўнiкамi, што пiшуцца разам: чарназёмны (чарназём), водаправодны (водаправод), мастацтвазнаўчы (мастацтвазнаўства), iншаземны (iншаземец), радыёфiзiчны (радыёфiзiка), жалезабетонны (жалезабетон), самаходны (самаход), хваляводны (хвалявод);

якiя суадносяцца са словазлучэннямi з падпарадкавальнай сувяззю: каменнавугальны (каменны вугаль), народнапаэтычны (народная паэзiя), агульнаадукацыйны (агульная адукацыя), меднарудны, цэнтральнаеўрапейскi, уласнаручны, цвёрдапалiўны, круглагадовы, чырванабокi;

якiя суадносяцца са словазлучэннямi дзеясловаў з назоўнiкамi: дрэваапрацоўчы (апрацоўваць дрэва), масларобны (рабiць масла), мукамольны (малоць муку), касцярэзны, кветкаводчы, водазаборны, iльноцерабiльны, лесанарыхтоўчы, лёсавызначальны;

якiя суадносяцца са словазлучэннямi назоўнiкаў з лiчэбнiкамi i прыслоўямi адноснай меры колькасцi, аб'ёму, прасторы i iнш.: двухразовы (два разы), трохколавы, двухтысячагадовы, сямiсотпяцiдзесяцiгадовы, саракаградусны, пяцiдзесяцiпрацэнтны, саракатонны, шматразовы, мнагалюдны, усемагутны;

першай часткай якiх з'яўляюцца прыслоўi: моцнадзеючы (моцна дзейнiчаць), лёгкапаранены (лёгка паранiць), цяжкаўспрымальны (цяжка ўспрымаць), нiзкарослы, высокаадукаваны, слабасалёны, добраўпарадкаваны, малапрыкметны; але: дыяметральна процiлеглы (супрацьлеглы), чыста беларускi, яскрава вызначаны, выключна дасканалы, асаблiва адказны, колькасна акрэслены, рэзка адмоўны, кепска ўзараны, усенародна абраны, выпадкова сустрэты, своечасова прыняты, адносна спакойны, бясконца глыбокi, матэрыяльна зацiкаўлены;

складаныя прыметнiкi з дзвюх i больш лексiчных частак, якiя служаць для абазначэння навуковых i тэхнiчных паняццяў: старажытнаўсходнеславянскi, правабярэжназаходнебугскi, старабеларускамоўны, iндаеўрапейскi.

2. Пiшуцца праз злучок складаныя прыметнiкi:

утвораныя ад складаных назоўнiкаў, якiя пiшуцца праз злучок: вакуум-насосны, генерал-губернатарскi, унтэр-афiцэрскi, лiберал-дэмакратычны, давыд-гарадоцкi, санкт-пецярбургскi i iнш.;

часткi якiх абазначаюць разнародныя назвы адпаведнай прыкметы: прыродна-гаспадарчы, жыллёва-будаўнiчы, аграрна-сыравiнны, лячэбна-працэдурны, таварна-грашовы, электронна-вылiчальны, навукова-тэхнiчны, грамадска-палiтычны, сусветна-гiстарычны, народна-вызваленчы, сярэдне-верхнi, прытарна-салодкi i iнш.;

часткi якiх абазначаюць раўнапраўныя паняццi: рабоча-сялянскi, руска-беларускi;

часткi якiх абазначаюць асаблiвасцi цi адценнi разнароднай якасцi: кiсла-салодкi, жоўта-зялёны, горка-салёны, гучна-пявучы i iнш.;

часткi якiх абазначаюць напрамкi свету ў iх спалучэннi: паўночна-заходнi;

якiя ўваходзяць у склад геаграфiчных назваў з пачатковай часткай Усходне-, Заходне-, Паўднёва-, Паўночна-, Цэнтральна- i iнш.: Паўднёва-Афрыканская Рэспублiка, Заходне-Сiбiрская раўнiна, Цэнтральна-Азiяцкi рэгiён i iнш.;

пачатковай часткай якiх з'яўляюцца лiчба або лiтара любога алфавiта: 1000-гадовы, 5-павярховы, Т-падобны.

3. Складаныя прыметнiкi, утвораныя ад складаных уласных iмёнаў са злучком, калi яны маюць прыстаўку, пiшуцца разам: заiсыккульскi, перадцяньшанскi.

4. Складаныя прыметнiкi з пачатковай часткай ваенна- пiшуцца разам: ваеннапалонны, ваеннапалявы, ваеннаабавязаны.



§ 37. Лiчэбнiкi



1. Пiшуцца разам:

складаныя колькасныя лiчэбнiкi, апошняй часткай якiх з'яўляюцца -дзясят, -сце, -ста, -сот: шэсцьдзясят, дзвесце, трыста, пяцьсот;

складаныя парадкавыя лiчэбнiкi, апошняй часткай якiх з'яўляюцца -дзясяты, -соты, -тысячны, -мiльённы i iнш.: пяцiдзясяты, трохсоты, двухтысячны, сямiмiльённы, пяцiмiльярдны, двухсотпяцiдзесяцiвасьмiмiльённы i iнш.

2. Асобна пiшуцца састаўныя колькасныя, парадкавыя i дробавыя лiчэбнiкi: сто дваццаць пяць, трыццаць тры, тысяча пяцьсот адзiн, сто дваццаць пяты, трыццаць трэцi, тысяча пяцьсот першы, два з паловай, пяць з чвэрткай, тры пятыя, пяць дзясятых, сем сотых.

3. Пiшуцца праз злучок:

парадкавыя лiчэбнiкi, напiсаныя лiчбамi, пры спалучэннi iх з канчаткамi, часткамi канчаткаў, састаўнымi часткамi ў выглядзе слоў: 25-ы, на 10-м км, 31-га, 10-мiльённы, 18-мiльярдны;

лiчэбнiкi, напiсаныя словамi або лiчбамi, якiя абазначаюць прыблiзны лiк: восем-дзевяць гадоў, дзве-тры гадзiны, сёмае-восьмае стагоддзе, 2-3 гады.

4. Ставiцца працяжнiк:

у складаных i састаўных лiчэбнiках прыблiзнага лiку: праз трыццаць пяць - трыццаць сем гадоў, 50 - 60-я гады;

пры ўмоўным пералiчэннi: артыкулы 2 - 7, 1 - 10 класы.



§ 38. Прыслоўi



1. Пiшуцца разам:

прыслоўi, утвораныя ад прыслоўяў прыставачным спосабам: назаўтра, назаўсёды, назаўжды, назусiм, намнога, наколькi, настолькi, нашмат, насупраць, заўчора, залетась, паслязаўтра, пазаўчора, пазалетась, замнога, задоўга i iнш. Ад такiх прыслоўяў трэба адрознiваць спалучэннi назоўнiкаў з прыназоўнiкамi, якiя ўжываюцца ў значэннi дапаўнення. Назоўнiкi з прыназоўнiкамi пiшуцца асобна: на заўтра (адкласцi), за дзякуй (рабiць), да заўтра (скончыць); ад цямна да вiдна, з цямна да цямна, да ранку, а таксама у адно, па двое, па трое i iнш.;

прыслоўi, якiя ўтвораны ў вынiку спалучэння прыназоўнiкаў у i на з рознымi склонавымi формамi колькасных i зборных лiчэбнiкаў: удвая, утрая, удваiх, утраiх, утрох, учатырох, усемярых, удвух, удзвюх, усямёх, надвое, натрое;

прыслоўi, утвораныя ад прыметнiкаў прыставачна-суфiксальным спосабам: дабяла, дачыста, дасуха, дасыта, здалёку, звысоку, зрэдку, справа, сослепу, змоладу, змалку, злёгку, паблiзу, папросту, пацiху, падоўгу, пароўну, улева, управа, навечна, надоўга, насуха, зажыва, зацемна, а таксама заадно, наўдалую, ушчыльную, урассыпную, упустую, збольшага, нашто, навошта, нiзашто, потым, надта, зусiм, затым, прытым i iнш. Спалучэннi прыназоўнiкаў з займеннiкамi пiшуцца асобна: на што, нi за што, з усiм, за тым.

2. Пiшуцца разам прыслоўi, якiя ўтвораны ў вынiку спалучэння:

прыназоўнiкаў i склонавай формы назоўнiкаў, якая самастойна не ўжываецца: бесперастанку, дашчэнту, досыць, замуж, запанiбрата, знячэўку, знянацку, навобмацак, наогул, напагатове, напавал, напалам, наперакор, наперарэз, напрост, напярэймы, насцеж, наўздагон, наўздзiў, наўпрост, наўскос, наўцёк, неўзабаве, неўпапад, паасобку, паблiзу, спакон, уваччу, удоўжкi (удоўж), упокат, употай, усутыч i iнш.;

прыназоўнiкаў з формамi назоўнiкаў i iншых часцiн мовы, калi да падобнай формы назоўнiка не можа быць далучана азначэнне або пастаўлена склонавае пытанне з адпаведным прыназоўнiкам: апоўднi, апоўначы, даволi, дадому, замужам, зроду, наадварот, наадрэз, накрыж, напаказ, напалавiну (напалову), напераменку, напракат, напралом, напрыклад, насiлу, насмерць (але: не на жыццё, а на смерць), наўдачу, навек, паволi, падрад, падчас, пакрысе, увосень, уброд, уголас, удзень, углыб, упершыню, уранку, ураннi, уразброд, усур'ёз i iнш.;

прыназоўнiкаў з формамi назоўнiкаў верх, нiз, перад, зад, бок, гара, высь, век, пачатак, раз, ноч, вечар, ранiца i iншых пры адсутнасцi пры iх азначэння або дапаўнення: зверху, наверх, уверх, уверсе, данiзу, знiзу (але: з верху да нiзу), нанiз, унiзе; наперад, уперад, уперадзе; ззаду, назад, узад; збоку, набок, убок, убаку; дагары, згары, угары, угару; увысь; удалеч; навек, навекi; спачатку, упачатку; адразу, ураз; уночы, поначы; звечара (але: з вечара да ранку), надвечар, увечары; зранку (але: з ранку да вечара), уранку. Спалучэннi прыназоўнiкаў з назоўнiкам пры наяўнасцi паясняльнага слова пiшуцца асобна: на верх гары, на нiз ямы, у высь завоблачную, у даль палёў, на векi вечныя, у пачатку года, з пачатку вясны.

3. Пiшуцца разам прыслоўi таксама, гэтаксама, штодзень, штоноч (штоночы), штовечар (штовечара), штотыдзень (штотыдня), штомесяц, штогод i iнш.

4. Пiшуцца праз злучок прыслоўi па-першае, па-другое, па-трэцяе i г.д., а таксама ўтвораныя ад прыметнiкаў i займеннiкаў прыслоўi, якiя пачынаюцца з па- i заканчваюцца на -ску (-цку), -i (-ы), -аму (-яму), -ому, -му (-йму): па-гаспадарску, па-беларуску, па-брацку, па-мастацку, па-бацькоўску, па-чалавечы, па-хлапечы, па-добраму, па-ранейшаму, па-даўняму, па-веснавому, па-мойму, па-свойму i iнш.

5. Асобна пiшуцца прыназоўнiк у i склонавая форма поўнага прыметнiка ў значэннi прыслоўя, калi яна пачынаецца з галоснай: у адкрытую.

6. Пiшуцца асобна блiзкiя па значэннi да прыслоўяў спалучэннi назоўнiка з прыназоўнiкам:

калi памiж прыназоўнiкам i назоўнiкам можна паставiць азначэнне: у момант (у адзiн момант), у тупiк (папаў у такi тупiк, што не выбрацца), да астатку (да самага астатку);

калi назоўнiк у пэўным (адным) значэннi захаваў хаця б некаторыя склонавыя формы з прыназоўнiкамi (за выключэннем назоўнiкаў верх, нiз, перад, зад, бок, гара, высь, далеч, век, пачатак, раз, ноч, вечар, ранак i iнш.): пад паху, пад пахi, пад пахамi; па часе, да часу, з часам, у час; праз меру, у меру, па меры; на памяць, на памяцi, па памяцi; на руку, не з рукi; да душы, па душы; у пару, да пары, не ў пару; за мяжой, за мяжу, з-за мяжы; за гранiцай, з-за гранiцы.

7. Пiшуцца асобна наступныя блiзкiя па значэннi да прыслоўяў спалучэннi назоўнiкаў з прыназоўнiкамi:

без: без упынку, без аглядкi, без разбору, без развагi, без толку, без канца; але: бясконца, безупынна, безаглядна, безразважна, бесталкова;

да: да адвалу, да зарэзу, да ўпаду, да смерцi;

на: на баку, на хаду, на ляту, на скаку, на вiду, на смак, на слых, на вока, на грэх, на дзiва, на славу, на смех, на гвалт, на злосць, на жаль;

з: з налёту, з разбегу, з разгону, з размаху, з наскоку, з ходу, з гарачкi.

8. Пiшуцца асобна:

спалучэннi часцiц не i нi з прыназоўнiкавымi формамi назоўнiкаў: не ў меру, не ў пару, не ў лад, не пад сiлу, не да смеху, не да спеху, не да смаку, не да твару, не на жарт, нi на ёту, нi за грош;

спалучэннi назоўнiкаў, якiя пачынаюцца з галоснай, з прыназоўнiкам у: у абхват, у абдымку, у абмен, у абрэз, у адзiночку, у абцяжку, у iмгненне i iнш.;

выразы: усё роўна, усё адно, як бачыш, як след, як мага i iнш.; але: якраз.



§ 39. Прыназоўнiкi, злучнiкi, часцiцы, выклiчнiкi



1. Пiшуцца разам:

прыназоўнiкi, якiя ўтварылiся ў вынiку злiцця прыназоўнiка з назоўнiкам: замест, наконт, накшталт, звыш;

прыслоўi, якiя ўжываюцца ў якасцi прыназоўнiкаў i з'яўляюцца вынiкам злiцця склонавых форм назоўнiкаў з прыназоўнiкамi: зверху, наперадзе, наперакор, насустрач (насустрэчу), уперад, уперадзе, услед (услед за цягнiком);

злучнiкi, якiя ўтварылiся ў вынiку злiцця прыназоўнiка з займеннiкам цi словамi колькi, столькi: затое, прычым, прытым, паколькi, настолькi. Такiя злучнiкi патрэбна адрознiваць ад словазлучэнняў прыназоўнiкаў з адпаведнымi займеннiкамi цi неазначальна-колькаснымi словамi: паволi рабiў, затое грунтоўна (але: за што ўзяў, за тое i аддаў); паколькi абяцаў, трэба зрабiць (але: бяром па столькi, па колькi дамовiлiся);

злучнiкi ажно, альбо (або), нiбы, нiбыта, каб;

злучнiк ды з часцiцай i (пераважна ў далучальным значэннi), утвараючы складаны злучнiк дый: зраблю дый годзе. Складаны злучнiк дый, якi ўжываецца пераважна для далучэння сцвярджэння закончанасцi, спынення дзеяння, неабходна адрознiваць ад састаўнога злучнiка ды з часцiцай i са значэннем далучэння: нiхто больш не прапанаваў, ды i нiчога не хацелася;

займеннiкi i прыслоўi з постфiксамi -сь, -сьцi: дзесь, хтось, дзесьцi, хтосьцi, кудысьцi, чыйсьцi, якiсьцi;

займеннiкi з пачатковай узмацняльнай часцiцай а: анiхто, анiяк, анiдзе, анiкуды. Часцiца а пiшацца разам з часцiцай нi: анi воблачка, анi нiчога, анi не хачу.

2. Пiшуцца асобна словы ў састаўных злучнiках: таму што, так што, хiба што, як толькi, як быццам, перш чым, гэта значыць, то так, а таксама ў словазлучэннях, якiя ўжываюцца ў функцыi пабочных слоў: можа быць, так кажучы, такiм чынам i iнш.

3. Пiшуцца праз злучок:

складаныя прыназоўнiкi з-за, з-пад, з-над, з-памiж, з-па-над, па-за, па-над;

складаныя выклiчнiкi, падзыўныя i гукапераймальныя словы: о-го-го, вой-вой-вой, о-ё-ёй, а-я-яй, дзю-дзю-дзю, ха-ха-ха, дзын-дзын-дзын, ку-ку, трах-тарарах, уга-уга i iнш.;

словы з прыстаўкай абы-, постфiксамi -небудзь, -колечы (-кольвечы, -кольвек), часцiцай то: абы-хто, абы-што, абы-дзе, абы-адкуль, хто-небудзь, дзе-небудзь, куды-небудзь, як-колечы (кольвечы), ён-то, сказаць-то сказаў.

4. Займеннiкi абы-хто i абы-што пры спалучэннi з прыназоўнiкамi пiшуцца асобна: абы ў каго, абы да каго, абы з чым.

5. Займеннiк абы-якi пры спалучэннi з прыназоўнiкамi перадаецца або трыма словамi (абы з якiмi), або двума (з абы-якiмi).

6. Словы, вытворныя ад прыслоўя абы-як, з прэфiксам абы пiшуцца разам: абыякавы, абыякава, абыякавасць, абыякаваты i iнш.

7. Часцiца такi пiшацца праз злучок у словах тыпу ўсё-такi, так-такi, а таксама ў тых выпадках, калi яна стаiць пасля дзеяслова: прыйшоў-такi сам. Ва ўсiх астатнiх выпадках часцiца такi пiшацца асобна: Ён такi надумаўся прыйсцi. Ён усё ж такi думае прыехаць.

8. Пiшуцца асобна часцiцы бы (б), жа (ж): прыйшоў бы, прыйшла б, казаў жа, чаму ж, хто ж бы, як жа ж, а таксама што ў такiх спалучэннях, як пакуль што, амаль што, толькi што, сама што, хiба што i iнш.



§ 40. Правапiс не (ня) i нi



1. Не (ня) пiшацца разам:

калi без не (ня) слова не ўжываецца: небарака, неруш, неслух, невук, немаўля, невiдзiмка, незабудка, нечысць, нелюдзiм, нехрысць, нядзеля, нявестка, нягода, нястача, нябыт, нявер'е, нязгрэба, нядбальства; ненавiдзець, непакоiцца, нездаровiцца, недамагаць, няможацца, няволiць; непахiсны, непарушны, незабыўны, нелюдзiмы, нехлямяжы, нечуваны; няспынна, няўцям, няшчадна, нельга, няма;

з назоўнiкамi, калi адмоўе прыдае слову без гэтай часцiцы значэнне супрацьпастаўлення, адмаўлення: неспецыялiст, нечалавек, неметал, нятэрмiн, нелiнгвiст i iнш., напрыклад: рознiца памiж тэрмiнамi i нятэрмiнамi, кнiга прызначана ў асноўным для неспецыялiстаў, нелiнгвiсту гэтыя тэрмiны могуць быць незнаёмыя;

з прыметнiкамi i прыметнiкавымi прыслоўямi на -о (-а), калi спалучэнне iх з не служыць не для адмаўлення якога-небудзь паняцця, а для выражэння новага, супрацьлеглага паняцця: невысокi (нiзкi), нешырокi (вузкi), недалёкi (блiзкi), неспакойны (якi хвалюецца), невялiкi (малы), нелегальна (падпольна, скрыта), нямнога (мала) i iнш., а таксама з прыслоўем няйначай (абавязкова). Наяўнасць паясняльных слоў, як правiла, не ўплывае на напiсанне разам не з прыметнiкамi: незнаёмы нам аўтар, невядомыя навуцы факты, непрыгодны для будоўлi матэрыял, няправiльныя ў многiх адносiнах вывады;

у дзеяслоўнай прыстаўцы неда-, якая абазначае неадпаведнасць патрэбнай норме: недалiчваць (мець менш, чым трэба), недаацэньваць (ацэньваць нiжэй, чым належыць), недаважваць (адважваць менш, чым патрабуецца), недагледзець (дзiця), недавыканаць (выканаць менш за норму), недамерваць (адмерваць менш, чым трэба). Ад дзеясловаў з прыстаўкай неда- адрознiваюцца дзеясловы з прыстаўкай да-, якiя спалучаюцца з не i абазначаюць не даведзенае да канца дзеянне: не давучыцца да канца, не дачакацца цябе, не даскочыць да берага, не дасядзець да канца, не даглядзець фiльм;

з дзеепрыметнiкамi, пры якiх адсутнiчаюць паясняльныя словы цi супрацьпастаўленне: неасушаныя (балоты), нержавеючая (сталь), нечаканы (прыход), непрыбраны (пакой), незачыненыя (дзверы), няходжаная (сцежка); але: не засеянае жытам поле, не асушаныя да гэтага часу балоты. Не (ня) пiшацца разам з поўнымi дзеепрыметнiкамi i прыметнiкамi пры наяўнасцi пры iх слоў вельмi, надта, зусiм, выключна, абсалютна, незвычайна i iнш.: вельмi неабдуманы ўчынак, выключна неспрыяльнае надвор'е, абсалютна непрымальная прапанова, зусiм някепскi вынiк, надта няласкавы прыём;

з займеннiкамi, калi на часцiцу не падае нацiск i памiж не i займеннiкам няма прыназоўнiка, i з падобнымi займеннiкавымi прыслоўямi: не`хта, не`шта, не`кага, не`чага, не`каму, не`чаму; не`йкi, не`йчы, не`калi, не`куды, не`як, не`калькi, не`дзе, не`адкуль; але: не адкуль, не адтуль (пры нацiску на займеннiкавым прыслоўi);

у прыслоўях: нечакана, неабсяжна, неўзабаве, незадоўга, неўпапад, непадалёк, неўзаметку, няўцям, нехаця, нельга; у прыназоўнiку нягледзячы на; у часцiцах няўжо, няхай, постфiксе -небудзь (як-небудзь, хто-небудзь) i слове няма.

2. Не пiшацца асобна:

з дзеясловамi i дзеепрыслоўямi: не бачыў, не ведаў, не буду рабiць, не бяры, не рабi, не курыць; не ведаючы куды; рабiць не спяшаючыся; сказаць не падумаўшы;

са словамi iншых часцiн мовы, калi ёсць або падразумяваецца супрацьпастаўленне: не шчасце, а адно гора з вамi; любога колеру, толькi не жоўтага; заходзiць да нас, але не часта; не два - больш; не каму, а вам будзе лепш; не пашкоджаны, але не працуе нешта; вада не гарачая - ледзь цёплая; не далёка - зусiм блiзка;

з поўнымi дзеепрыметнiкамi, калi пры iх ёсць паясняльныя словы: да канца не вырашанае пытанне, не пакiнутая без увагi парада, даўно не стрыжаны, цалкам не ўпэўнены;

з дзеепрыметнiкамi ў кароткай форме: у пакоi (было) не прыбрана, твае правы (былi) не парушаны, дзверы не зачынены;

з прыметнiкамi, прыслоўямi, калi ў якасцi паясняльнага слова выступае займеннiк або займеннiкавае прыслоўе, якiя пачынаюцца з нi: нiкому не патрэбны, нiхто не галодны, нi да чаго не здольны;

з прыметнiкамi i прыслоўямi з паясняльным словам, якое мае ацэначнае значэнне якасцi: далёка не лепшы вынiк, сёння дзень зусiм не горшы за мiнулы, не спелы яшчэ яблык;

з нязменнымi словамi не трэба, не варта, не шкода, не супраць, якiя выступаюць у якасцi выказнiка;

з усiмi словамi, часткi якiх пiшуцца праз злучок: паступiў не па-сяброўску, зроблена не па-людску, не навукова-папулярны фiльм;

асобна пiшуцца часткi выразу не раз: Не раз прыходзiлася яму хадзiць праз гэты лес;

у зваротах не хто iншы, як; не што iншае, як; не хто iншы, а; не што iншае, а, у складзе якiх ёсць адносныя займеннiкi хто, што i азначальны займеннiк iншы (хто iншы, што iншае), якiя ў спалучэннi з не з'яўляюцца адмаўленнем iх сумеснага значэння: не хто iншы ўзяў, як ён; не хто iншы, а толькi ён; гэта не што iншае, як вапна; гэта не што iншае, а толькi нейкi звярок прашмыгнуў; але: нiхто iншы не быў, толькi ён; нiшто iншае не цiкавiць яго, адно толькi кнiгi.

3. Нi пiшацца разам:

у займеннiках, калi нi не аддзелена ад займеннiка прыназоўнiкам: нiхто, нiшто, нiкога, нiчога, нiякi, нiчый, нiякаму, нiчыйго, нiчыiм; але: нi ў кога, нi ў якiм, нi ў якiя, нi да чаго, нi да каго;

у прыслоўях нiколi, нiдзе, нiкуды, нiадкуль, нiяк, нiколькi, нiчуць, а таксама ў вытворных словах: нiчыйны, нiштаваты, нiякавата, нiякаватасць;

у слове нiбы (нiбыта).

4. Нi пiшацца асобна перад выказнiкам у даданых частках складаных сказаў, калi служыць для ўзмацнення сцвярджальнага значэння: Дзе б нi быў я, Мiнскам ганаруся; а таксама ва ўстойлiвых узмацняльных зваротах: што нi кажы; з кiм бы то нi было; што б там нi было.



Глава 8

ПРАВIЛЫ ПЕРАНОСУ



§ 41. Правiлы пераносу простых, складаных, складанаскарочаных слоў, умоўных графiчных скарачэнняў i iншых знакаў



1. З аднаго радка на другi слова пераносiцца па складах: во-ля, тра-ва, за-яц, га-ла-ва, ка-ва-лак, стра-ка-ты, пра-ве-рыць, пе-ра-кi-нуць.

2. Калi ў сярэдзiне слова памiж галоснымi маецца спалучэнне зычных, то пераносiцца на наступны радок або ўсё гэта спалучэнне, або любая яго частка. Можна пераносiць: ся-стра, сяс-тра, сяст-ра; во-стры, вос-тры, вост-ры; пту-шка, птуш-ка; кро-пля, кроп-ля; ма-ста-цтва, мас-тац-тва, мас-тацт-ва; ра-змова, раз-мова; за-става, зас-тава; ра-скрыць, рас-крыць, раск-рыць; бя-скрыўдна, бяс-крыўдна, бяск-рыўдна; дзя-цi-нства, дзя-цiн-ства, дзя-цiнс-тва, дзя-цiнст-ва; двац-цаць, два-ццаць; калос-се, кало-ссе; сол-лю, со-ллю; памяц-цю, памя-ццю; мыц-ца, мы-цца; паа-бапал, па-абапал; насен-не, насе-нне.

3. Пры пераносе нельга:

пакiдаць або пераносiць на наступны радок адну лiтару, нават калi яна адпавядае складу: аса-ка, лi-нiя, ра-дыё, еха-лi, па-коi;

разбiваць пераносам спалучэннi лiтар дж i дз, калi яны абазначаюць адзiн гук [дж], [дз']: ура-джай, са-джаць, ра-дзi-ма, ха-дзiць. Спалучэннi дж i дз можна разбiваць пераносам, калi д адносiцца да прыстаўкi, а з, ж - да кораня: пад-жары, ад-жаць, пад-земны, ад-значыць;

аддзяляць ад папярэдняй галоснай лiтары й i ў: сой-ка, бой-кi, май-стар, дай-сцi, зай-мацца, праў-да, слоў-нiк, маў-чаць, заў-тра, праў-нук;

аддзяляць мяккi знак i апостраф ад папярэдняй зычнай: буль-ба, прось-ба, вазь-му, бур'-ян, сем'-яў, мыш'-як.

4. У складаных словах кожная iх частка пераносiцца згодна з правiламi пераносу асобных слоў: се-на-ўбо-рка, збож-жа-зда-ча.

5. Не дзеляцца пры пераносе абрэвiятуры, якiя пiшуцца вялiкiмi лiтарамi або з'яўляюцца спалучэннем лiтар i лiчбаў, а таксама графiчныя скарачэннi слоў i выразаў: ААН, ЮНЕСКА, НАТА, АБСЕ, ДАI, АI-95, г.д., г.зн., стст.; не адрываюцца пры пераносе ад лiчбаў далучаныя да iх злучком канчаткi або часткi канчаткаў: а 19-й (гадзiне), 1-га (студзеня); не адрываюцца ад прозвiшчаў iнiцыялы: Я.Брыль, К.М.Мiцкевiч, Я.Ф.Карскi, Гурскi М.I.; не пераносяцца на наступны радок знакi прыпынку; не пераносiцца на наступны радок злучок (дэфiс), якi супадае са знакам пераносу (пры гэтым знак пераносу не ставiцца); пры пераносе нельга адрываць ад лiчбы скарочаныя назвы адзiнак вымярэння: 1990 г., XXI ст., 100 кг, 50 га, 2 км, 10 см, 1000 руб.



Раздзел II

ПУНКТУАЦЫЯ



Глава 9

КРОПКА



§ 42. Правiлы пастаноўкi кропкi



1. Кропка ставiцца ў канцы закончанага апавядальнага сказа: Вечар быў цёмны i цiхi. Побач з чыгункай стаяў высокi стары лес, таемны, пануры i важны. На станцыi шумеў паравоз таварнага цягнiка, шумеў цiха i роўна, як бы баючыся парушыць спакой гэтага лесу. Замаўкаюць птушыныя звонкiя спевы, калi восень прыходзiць у край наш лясны. Позняя ноч. Цiшыня.

2. Калi ў канцы апавядальнага сказа ў дужках указваецца аўтар або даецца пашпартызацыя, то кропка ставiцца пасля дужак: Жнеi спяваюць у полi, жыта густое жнучы (М.Танк). Госця, маладая дзяўчына, сядзела ў пакоi i цiха размаўляла з мацi (У.Караткевiч). Выдатны паэт i крытык Максiм Багдановiч вылучаўся глыбокай i шырокай адукацыяй, тонкiм разуменнем паэзii (ЛiМ).

3. Пасля слоў i сказаў, якiя з'яўляюцца загалоўкамi да тэкстаў, папер рознага прызначэння, а таксама кнiг, карцiн, фiльмаў i iншых твораў, пасля надпiсаў на шыльдах кропка не ставiцца. Калi ж загаловак, назва або надпiс складаюцца з двух або некалькiх сказаў, то кропка пасля апошняга сказа не ставiцца: Рэстаран "Ружа". Сямейныя абеды

4. Кропкай звычайна аддзяляецца "назоўны тэмы" - назва прадмета, асобы цi з'явы, пра якую будзе iсцi гаворка ў наступным тэксце.

Напрыклад:

Пiхты. Вынослiвыя, гонкiя, стройныя. Яны, як громаадводы, тырчаць з тайгi. Без сукоў, адны голыя ствалы. Толькi на самай макавiне дзе-нiдзе рэдзенькiя кароценькiя лапкi (Я.Сiпакоў).

Дзед Мiронавiч. З-за яго i запiсваю гэта. Дзед - у капелюшы, з сахаром у руцэ. А барада... раскошная, як у прарока (Я.Брыль).



5. Кропка ставiцца ў канцы пабуджальных сказаў, калi просьба цi пажаданне выказаны спакойным тонам, без клiчнай iнтанацыi.

Напрыклад:

Нiколi не спыняйцеся на паўдарозе (Я.Колас).

Не шумiце, вербы, ля майго акна (П.Броўка).

Бярыце, дзецi, кошыкi, паедзем мы на пошукi тугiх баравiкоў (П.Панчанка).

Не хiтруй, Аўсееў. Тут табе не кiрмаш - таргавацца. Табе загадана, ты i выконвай (В.Быкаў).



6. Кропка ставiцца ў канцы складаных сказаў з ускосным пытаннем.

Напрыклад:

Пятро падышоў i спытаў у шафёра, цi можна пад'ехаць (I.Шамякiн).

Дзед Талаш i Мартын Рыль сталi раiцца аб тым, што рабiць далей i куды iсцi (Я.Колас).

Мiхалка i не стараўся дазнацца, дзе бывае яго гаспадар (К.Чорны).



7. Кропка ставiцца пасля сцвярджальных цi адмоўных слоў-сказаў так, не i iх сiнонiмаў (ага, але, эге, ну, добра i iнш.) пры адсутнасцi клiчнай або пытальнай iнтанацыi.

Напрыклад:

"У бiблiятэку збiраецеся?" - "Так".

"А вы, уласна кажучы, хто? Iнжынер?" - "Не. Настаўнiца" (I.Шамякiн).

"Ты мяне слухаеш?" - "Ага" (Я.Колас).



8. Кропка ставiцца перад злучнiкамi i, ды, а, але, аднак i iнш., калi яны звязваюць памiж сабой самастойныя сказы.

Напрыклад:

Лабановiч борздзенька кiнуўся да форткi. Але там было ўсё цiха (Я.Колас).

Саўчанка дазволiў разлiкам добра адаспацца. Ды на холадзе, у сырых нiшах, не надта спiцца (I.Шамякiн).



9. Кропкай аддзяляюцца асобныя часткi выказвання пры парцэляцыi.

Напрыклад:

Людзi змагаюцца i перамагаюць. Вайну. Страх. Голад. Дэспатызм, тупасць... (I.Шамякiн).

"Тады будзе мiр. I шчасце. I жыццё", - сказаў я не без некаторага пафасу (В.Быкаў).



10. Кропка ставiцца ў канцы рубрык пералiчэння, калi гэтыя рубрыкi з'яўляюцца самастойнымi сказамi. Паслядоўнасць пунктаў пазначаецца лiчбамi з кропкай.

Напрыклад:

У пастанове былi запiсаны чатыры пункты:

1. Арганiзаваць саюз настаўнiкаў на падставе пастановы сходу ад 9 лiпеня 1906 года.

2. Саюз ставiць сабе асноўнай мэтай - весцi барацьбу з самадзяржаўным ладам шляхам прапаганды iдэi рэвалюцыi сярод насельнiцтва i распаўсюджання рэвалюцыйнай лiтаратуры. Кожнаму члену арганiзаванага настаўнiцкага саюза ставiцца ў абавязак - стварэнне на месцах рэвалюцыйных ячэек з мэтай прыцягнення найбольшай колькасцi членаў у саюз настаўнiкаў.

3. Арганiзаванаму настаўнiцкаму саюзу далучыцца да Усерасiйскага саюза настаўнiкаў i ўвайсцi з iм у цесныя зносiны.

4. Для вядзення спраў саюза выбiраецца бюро ў складзе 3-х асоб: Садовiча, Райскага i Тукалы (Я.Колас).



11. Кропка ставiцца пасля ўмоўных графiчных скарачэнняў (акрамя стандартных скарочаных абазначэнняў метрычных мер): г. Мiнск; в. Лебядзiнец; г. Капыль Мiнскай вобл.; але: 100 г, 5 см, 3 сек i iнш.

Калi ўмоўным графiчным скарачэннем заканчваецца сказ, то ў канцы сказа другая кропка не ставiцца.

Напрыклад:

Iснуюць iндукцыйная электрычная зварка (токамi высокай частаты), зварка электронным промнем i iнш.



12. Кропкай аддзяляюцца назвы дзеючых асоб у драматургiчных творах, калi гэтыя iмёны запiсваюцца ў адным радку з рэплiкай.

Напрыклад:

Ч а р н а в у с. Можа, я занадта рэзка выступiў. Трэба будзе пагаварыць з iм.

В е р а. Я лiчу, што вы вельмi добра выступiлi, i няма чаго вам прабачэння прасiць (К.Крапiва).



13. Кропка ставiцца ў спасылках (у тым лiку i падрадковых) пры ўказаннi на крынiцу цытаты пасля прозвiшча аўтара, калi ўслед за iм iдзе назва твора гэтага аўтара.

Напрыклад:

Было лета, самая зялёная пара яго (I.Мележ. "Подых навальнiцы").

Тварэц мовы - народ. Задача ж пiсьменнiка - у фармiраваннi, адборы лепшага, у прывядзеннi мовы да лiтаратурных норм. Як бачым, задача немалая. Мы павiнны мець мову прыгожую, гучную, простую, але гнуткую i выразную (Я.Колас. "Развiваць i ўзбагачаць лiтаратурную мову").



Глава 10

ПЫТАЛЬНIК



§ 43. Правiлы пастаноўкi пытальнiка



1. Пытальнiк ставiцца ў канцы простага сказа (у тым лiку слова-сказа), якiм выражаецца прамое пытанне.

Напрыклад:

Дзе вы, песнi жнiўныя? Хто вас адвячоркамi панясе над нiваю? (П.Броўка).

Адкуль тут музыка нясецца? Чыя тут песня ў душу льецца? (Я.Колас).

- Няўжо дачакалiся? Няўжо праўда? - бы дзiця, радавалася дзяўчына (В.Быкаў).

- Га? - не зразумеў пытанне дзед (Я.Колас).



2. Пытальнiк ставiцца ў канцы складаназалежнага сказа, калi пытанне выражана ў галоўнай i даданай частках або толькi ў галоўнай.

Напрыклад:

Цi ты, бабка, не ведаеш, хто гэта прынёс сюды красак? (Я.Колас).

Хто згадае, чаго сэрца плача? (П.Трус).

Край мой родны! Дзе ж у свеце край другi такi знайсцi, дзе б магла так, поруч з смеццем, гожасць пышная ўзрасцi? (Я.Колас).

Што можа быць даражэйшае сэрцу чалавека, як у сталых гадах пачуць цябе, роднае слова, у чужой старане? (К.Крапiва).



Пытальнiк можа ставiцца ў канцы складаназалежнага сказа i тады, калi прамое пытанне заключаецца ў даданай частцы.

Напрыклад:

I скажы, дзядок, адкуль хмары гэтыя выходзяць? (Я.Колас).



3. Пытальнiк ставiцца ў канцы складаназлучанага i бяззлучнiкавага складанага сказа, калi кожная яго частка або толькi апошняя частка выражае пытанне.

Напрыклад:

Цi гэта казку лес складае, цi даль ачнулася нямая i немасць песняй парушала? (Я.Колас).

Яго пакрыўдзiлi, зняважылi, а ён будзе кланяцца iм? (Я.Колас).

Законы Рэспублікі Беларусь | Закони Республіки Білорусь
 
Партнеры



Рейтинг@Mail.ru

Copyright © 2007-2014. При полном или частичном использовании материалов ссылка на News-newsBy-org.narod.ru обязательна.